А яшчэ бывае, калі яны вяртаюцца, гэтыя былыя. І калі ты пакажаш ім свае незагойныя рубцы на сэрцы, яны адхінуць кашуню, і ты пабачыш, што рубцы на гэтых, да апошняй радзімкі знаёмых, грудзях дзіўным чынам падобныя да тваіх. Што тады расцягнула вас па розныя бакі сусветнага акіяна, так і застанецца неразумелым, бо ўжо забыліся і штармавыя папярэджанні, і прагнозы неспрыяльнага надвор’я, і блісне маланка, і рана ляжа на рану, і можа так здарыцца, што з мясам вырваныя гісторыі зноў з’яднаюцца ў адну. І вось ужо сэрца тахкае часта-часта, і ты мімаволі прыслухоўваешся да яго несцпыннай хады і разумееш, што цягнік твайго жыцця стаў на нейкія не табой пракладзеныя рэйкі, і ўсе стрэлкі пераведзеныя, і наступны прыпынак ад цябе ніякім чынам не залежыць
Ганна Севярынец, Дзень Святога Патрыка
